ПААЛЕ́Й ЦЫЁН (Рабочыя Сіёна),
палітычныя партыі і міжнар. т-вы сацыял-сіянісцкага кірунку, якія з пач. 20 ст. да пач. 1930-х г. дзейнічалі ў шэрагу краін, у т.л. ў Расіі. Іх дзеячы ўспрынялі асобныя тэарэт. палажэнні марксізму (напр., пра вядучую ролю рабочага класа), але пераважна пашыралі ідэі сіянізму сярод яўр. рабочых, дробных гандляроў і інтэлігенцыі. Найб. поўна ідэалогія і палітыка П.Ц. ўвасоблена ў дзейнасці Яўр. с.-д. рабочай партыі (ЯСДРП, засн. ў 1906 у Расіі). У 1907 у г Гаага (Нідэрланды) утвораны Сусв. яўр. сацыяліст. рабочы саюз П.Ц., куды акрамя рас. ЯСДРП увайшлі аднайм. партыі ЗША, Аўстра-Венгрыі, Палесціны, Вялікабрытаніі, Румыніі. Фактычна паалейцыянізм выступіў як міжнар. левасіянісцкая плынь. ЯСДРП разглядала сіянізм як гіст. неабходнасць і мела на мэце стварэнне яўр. пралет. дзяржавы ў Палесціне, дамагалася нац.-паліт. аўтаноміі для тых народаў Расіі, якія, на яе думку, не выспелі для самаст. дзярж. існавання. У рэвалюцыю 1905—07 тактыка ЯСРДП супадала з меншавіцкай, у 1-ю сусв. вайну яна выступала з антываен. пазіцый, прапагандавала сіянізм, заклікала яўр. працоўных да эміграцыі ў Палесціну, каб будаваць там сацыялізм. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 ЯСДРП падтрымлівала Часовы ўрад. На Беларусі арг-цыі П.Ц. з пач. 20 ст. існавалі ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. П.Ц. уваходзіў у створаны ў маі 1917 Савет нац. сацыяліст. партый Расіі. Летам 1917 прадстаўнікі П.Ц. абраны ў гар. думы Віцебска, Гомеля, Мінска, Оршы. ЯСДРП варожа сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. У сак. 1918 прадстаўнікі ЯСДРП увайшлі ў склад Рады БНР, аднак былі сярод тых, хто ўстрымаўся пры галасаванні за 3-ю Устаўную грамату, што абвяшчала незалежнасць Беларусі. Пратэстуючы супраць прагерм. арыентацыі большасці Рады БНР, прадстаўнікі П.Ц. ў крас. 1918 разам з інш. яўр. сацыялістамі, эсэрамі і меншавікамі выйшлі з яе складу. У жн. 1919 на канферэнцыі ў Гомелі ЯСДРП раскалолася. Левыя паалейцыяністы арганізавалі Яўр. камуніст. партыю (ЯКП), якая разам з ёй падобнымі партыямі ў жн. 1920 стварыла Сусв. яўр. камуніст. саюз П.Ц. Мэтай ЯКП было стварэнне ў Палесціне яўр. камуніст. дзяржавы. Яна не была прынята ў Камуністычны Інтэрнацыянал, але выкарыстоўвала яго механізм для накіравання ў Палесціну каланістаў — прыхільнікаў П.Ц. У снеж. 1922 ЯКП самаліквідавалася, ч. яе членаў уступіла ў РКП(б), іншыя ўліліся ў ЯСДРП, якая ў 1923 перайменавалася ў Яўр. камуніст. рабочую партыю (ЯКРП) і фактычна працягвала сіянісцкую прапаганду. У 1928 ЯКРП у СССР ліквідавана. У 1920—30-я г. паалейцыянісцкія партыі дзейнічалі ў Польшчы, у т.л. ў Зах. Беларусі. У 1932 на канфер. ў Данцыгу (цяпер Гданьск, Польшча) Сусв. саюз яўр. рабочых П.Ц. і інш. яўр. сацыял-сіянісцкія арг-цыі злучыліся ў Сусв. саюз сіяністаў-сацыялістаў. Ідэалогія П.Ц. садзейнічала фарміраванню сацыял-сіянісцкіх партый, якія цяпер дзейнічаюць у Ізраілі.
Літ.:
Дадиани Л.Я. Критика идеологии и политики социал-сионизма М., 1986.
У.Я.Камякоў.
т. 11, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)